Галоўная/Навіны//Дзень аховы працы

Дзень аховы працы

18 кастрычніка 2021

У Гомелі з 11 па 18 кастрычніка прайшло мерапрыемства "Тыдзень нулявога траўматызму". У яго рамках на базе ААТ "Мілкавіта" адбыўся гарадскі Дзень аховы працы.

Удзельнічалі прадстаўнікі выканаўчых органаў, гарадской пракуратуры, абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы, абласнога аб'яднання прафсаюзаў.

Аляксандр Ключынскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама, прыводзячы статыстыку, адзначыў: у большасці сваёй самі пацярпелыя з'яўляюцца віноўнікамі трагедый, а віна наймальніка, па матэрыялах расследаванняў, устаноўлена толькі ў чатырох выпадках. «Ану пранясе» застаецца матыватарам непапраўных трагедый. Вынік: з працы дадому ў большасці сваёй не вяртаюцца сыны, бацькі, мужыкі…

На працягу 9 месяцаў на Гомельшчыне ніжэй рэспубліканскага каэфіцыент частаты няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам на 100 тысяч застрахаваных. Нягледзячы на рост цяжкага траўміравання на вытворчасці, па каэфіцыенце частаты такіх выпадкаў на 100 тысяч застрахаваных, мы таксама не лідзіруем - адзначыў Аляксандр Дзюндзікаў, першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы. У Гомелі ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 60 працэнтаў знізілася колькасць выпадкаў са смяротным зыходам, аднак назіраецца рост цяжкага траўміравання ў Цэнтральным, Чыгуначным і Савецкім раёнах горада.

Удзельнікі сустрэчы змаглі запазычыць вопыт належнага стаўлення да аховы працы ў ААТ «Мілкавіта. Галоўны інжынер акцыянернага таварыства Віталь Нікулін прадметна расказаў аб сістэме кіравання аховай працы. Дзейнічае яна з 2012 года. Сёлета на ахову працы ў «Мілкавіце» выдаткавана амаль 151 тысяча рублёў: гэта амаль тое, што ў 2020-м затрацілі за ўвесь год. У калектыве праводзяць штогадовы конкурс на лепшую арганізацыю па ахове працы і да свята работнікаў АПК узнагароджваюць лепшых. Цяпер пераходзяць на новую СУОТ, ідзе другі этап сертыфікацыі.

Анатоль Лапуць, галоўны тэхнічны інспектар працы абласнога аб'яднання прафсаюзаў, высока ацаніў сістэмную работу ААТ "Мілкавіта", і засяродзіў увагу на фільме "Гэтага магло не быць", створаным Дэпартаментам дзяржінспекцыі працы. Ён сапраўды прабірае да дрыжыкаў, таму што відэакамеры захавалі трагедыі, у якіх людзі занядбалі самымі элементарнымі правіламі, і, сышлі назаўжды ў цябе на вачах. Гэты фільм трэба дэманстраваць у вытворчых калектывах і арганізацыях.

Загадчыца аддзялення гігіены працы Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Валянціна Яўмененка адзначыла станоўчы момант: у 2020-м і бягучым годзе не зафіксавана ніводнага прафзахворвання. Прагучала і зварот да ўсіх: варта ў гэты складаны перыяд пандэміі клапаціцца і адсочваць забяспечанасць калектываў і выкарыстанне кожным працаўніком неабходных сродкаў абароны, гігіены, антысептыкаў, не рызыкаваць сваім здароўем.

У працы семінара-нарады ўдзельнічаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёна Сяргей Карнееў.